97. Як узніклі нашы дзяржаўныя сімвалы?


Яшчэ ў старажытнасці, каб адрозніваць сваіх ад чужынцаў у часе ўзброеных сутычак, ужываліся знакі-сімвалы. У славянскіх плямёнаў такімі знакамі былі кавалкі пераважна чырвонай тканіны на дрэўку - сцягі, або харугвы. Каб не блытацца з аднаколернымі сцягамі, на іх малявалі асабістыя княжыя знакі, што звычайна паходзілі з паганскай сімволікі.

Беларускія войскі і княская ўлада ў полацкім перыядзе нашае гісторыі таксама карысталіся чырвонымі харугвамі. Праўда, мы не ведаем, якія знакі-гербы былі на іх. Гэта маглі быць выявы хрысціянскіх святых ці полацкі варыянт "Трызуба".

У першай палове XІІІ стагоддзя на заходняй частцы Полаччыны пачало фармавацца Вялікае Княства Літоўскае як працяг старажытнай дзяржаватворчай традыцыі беларускага народа. Успрыняўшы полацкую палітычна-еканамічную і культурную спадчыну, князі новае дзяржавы па-ранейшаму карысталіся чырвонымі сцягамі. А пачынаючы з Гедзіміна іх дынастыя мела за герб відазменены "Трызуб" полацкіх Рагвалодавічаў, які пазней атрымаў найменне "Калоны" ("Калюмны").

Дзяржаўным жа (уладарным) гербам Вялікага Княства з другой паловы XІІІ стагоддзя сталася выява збройнага рыцара на кані - "Пагоня". Лічыцца, што на пачатку яна была гербам Полацка, а таксама Новагародка.

З пачатку XВ стагоддзя на шчыце "Пагоні" ўжо сустракаецца шасціканцовы крыж з карацейшай верхняй перакладзінай. Такія крыжы былі тыповымі хрысціянскімі сімваламі на Беларусі ў XІ-XІВ стагоддзях. Першыя ж звесткі пра сцягі з выявамі "Пагоні" паходзяць з часу Грунвальдскае бітвы (1410 год).

З цягам часу ў Эўропе распаўсюдзілася традыцыя адзначаць на сцягу герб у выглядзе ўмоўнай каляровай палосы. Згодна з законамі геральдыкі, верхнюю частку сцяга павінны быў займаць колер гербавай выявы, а ніжей змяшчаўся колер самога сцяга. Гэтак не пазней за пачатак XВІ стагоддзя і ўзнік наш бел-чырвона-белы сцяг, дзе верхняя палоса - колер "Пагоні", сярэдняя - спрадвечны колер самога сцяга, а ніжняя - колер рыцарскага шчыта на "Пагоні" (адзначым, што, акрамя белага, былі і іншыя варыянты колеру шчыта: чырвоны, сіні). Найбольш старажытная выява беларускага сцяга захавалася на карціне, прысвечанай пераможнай бітве нашых продкаў з маскоўцамі пад Воршай (1514 год).

Пасля акупацыі Беларусі ў канцы XВІІІ стагоддзя Расейскай імперыяй "Пагоня" ўжывалася ў гербах некаторых беларускіх гарадоў і адміністрацыйных тэрыторый. Часам выкарыстоўваліся і колеры сцяга як знак адрознення вайсковых фармаванняў, рэкрутаваных з тэрыторыі Беларусі. Падчас антымаскоўскіх выступленняў "Пагоня" скарыстоўвалася паўстанцамі.

У 1918 годзе, з адрадженнем нашае дзяржаўнасці, герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг становяцца дзяржаўнымі сімваламі Беларускае Народнае Рэспублікі. Пасля ўсталявання на Беларусі бальшавіцкага рэжыму ўжыванне нашай гістарычнай дзяржаўнай сімволікі жорстка каралася, ажно да працяглых тэрмінаў зняволення ў канцлагерах.

Міхась Чарняўскі

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"