94. Якія выдатныя польскія дзеячы з паходжання беларусы?


Наша зямля ўзгадавала шераг выдатных дзеячаў літаратуры і мастацтва, палітыкаў і вучоных, якія ўнеслі велізарны ўклад у гісторыю Польшчы, у развіццё яе культуры і навукі.

Сярод іх многія класікі польскай літаратуры епохі Асветніцтва - Францішак Багамолец, Францішак Князьнін, Адам Нарушевіч, Юльян Нямцевіч ды іншыя. Пачынальнік рамантызму ў польскай літаратуры Адам Міцкевіч (даследчыкі выводзяць ягоны радавод ад беларуса Міцькі) шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці тэмы і вобразы нашага фальклору. Беларуская рэчаіснасць лягла ў аснову паезіі ўрадженца Меншчыны Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча) і прозы Элізы Ажешкі (Паўлоўскай), якая нарадзілася на Гарадзеншчыне.

Беларускім музычным фальклорам напоўніцу карыстаўся заснавальнік нашага опернага мастацтва Станіслаў Манюшка (родам з Меншчыны), якога палякі лічаць "бацькам польскай оперы", і пачынальнік польскага сімфанізму Мечыслаў Карловіч (са Смаргоншчыны). Беларусы з паходжання таксама Рафал Чарвякоўскі - "бацька польскай хірургіі", Язеп Марцінкевіч - выдатны матэматык ды шмат якія іншыя польскія вучоныя.

Ад беларускай праваслаўнай шляхты вядзецца радавод нацыянальнага героя Польшчы Тадэвуша Касцюшкі. З Беларусі паходзіць і Тамаш Ваўжецкі, які ўзначаліў паўстанне пасля зняволення Т.Касцюшкі. Беларусам (так ён сам называў сябе ў пару рэвалюцыйнай маладосці) з'яўляецца Язеп Пілсудскі, начальнік адноўленай Польскай дзяржавы. Урэшце, з етнічнай Беларусі родам і генерал Люцыян Жалігоўскі, стваральнік "Сярэдняй Літвы".

Адам Мальдзіс

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"