3. Якіх багоў шанавалі нашыя продкі ў дахрысціянскія часы?


Да прыняцця хрысціянства продкі беларусаў прытрымліваліся паганскіх (язычніцкіх) веранняў, для якіх было характэрнае шматбожжа. Адным з галоўных багоў быў Пярун, бог грому і маланкі, дажджу, апякун вайсковай справы і княскай дружыны. І дагэтуль маланку ў Беларусі называюць перуном. Лічылася, што бог Пярун трымае ў руках каменныя жорны, і, удараючы адным каменем аб другі, выклікае гром і маланку. Старажытныя каменныя сякеры, якія нярэдка выпадкова знаходзілі, называлі перуновымі стрэламі, лічылася, што парашок, нацёрты з іх, дапамагае ад розных хваробаў.

У пэўнай меры праціўнікам Перуна ўяўляўся Вялес (Валос), бог жывёлагадоўлі і багацця, уладар замагільнага свету, апякун абрадавай паэзіі і паганскіх святароў-валхвоў. Да культу Вялеса мелі дачыненне і легендарныя асілкі-волаты. Археалагічныя і фальклорныя матэрыялы даюць падставы лічыць, што на тэрыторыі Беларусі Вялес быў галоўным богам. У многіх мясцінах захаваліся прысвечаныя яму велізарныя камяні (пазней іх называлі камянямі-краўцамі, чортавымі камянямі і г.д.). Вялес меў дачыненне і да ўшанавання вытокаў рэк, найбольш цесна з яго культам звязаны р.Вілія (Вялля) і заснаваны на ёй крывічамі горад Вільня.

Богам вясновай урадлівасці і плоднасці, а таксама нябесным вершнікам лічыўся Ярыла, які «сумяшчаў» функцыі аграрную і вайсковую. Ёсць падставы лічыць, што Ярыла ўяўляўся ці сынам, ці адной з іпастасяў Перуна. Богам сонца быў Сотвар, які ў розных мясцовасцях мог насіць і іншыя імёны. Багіняй дабрабыту і ўрадлівасці, апякункай сямейнага жыцця ў нашых продкаў была Цёця, якую ўяўлялі мажной высокай жанчынай з жытнім вянком на галаве, з хлебам і іншымі пладамі ўраджаю ў руках. Багіняй вясны, дзявочай прыгажосці і кахання была Лёля (Ляля), яе ўяўлялі ў выглядзе маладой прывабнай дзяўчыны. З культам Лёлі звязана распаўсюджаная на Палессі назва бусла - «лялека» (згодна з народным павер'ем, бусел прыносіць дзяцей). Богам агню і апекуном кавальства быў Жыжаль, богам зімы, марозу і холаду - Зюзя. Нязгасны святы агонь называўся Зніч (адсюль слова «знічка»). Ранішні і вечаровы заранкі ўвасаблялі адпаведна сёстры Дзянніца і Вечарніца (Вячорка). Са старажытнай міфалогіі вядомы таксама вобраз далёкага першапродка беларусаў - Боя (Бая) з вернымі сабакамі Стаўры і Гаўры.

Эдвард ЗАЙКОЎСКІ

Крыніца:
«100 пытанняў і адказаў
з гісторыі Беларусі»
Менск, 1993

[previous] [up] [next]

Гэта старонка зьяўляецца часткай
"Віртуальнага гіда па Беларусі" -
сумеснага праекта беларускіх студэнтаў і навукоўцаў з розных краін сьвету

© 1997 "ВГ"